wergwg.jpg

Літаратура рэпрэсій — что чытаць пра 1937

30.10.2021

Автор статьи: Юрый Хлапонiн

Згадваючы кастрычніцкія падзеі 84-гадовай даўніны, калі за адну ноч у засценках менскай турмы НКУС было фізічна знішчана 132 прадстаўніка беларускай культурнай і навуковай эліты, варта прааналізаваць тыя літаратурныя здабыткі, якія дазволяць зразумець агульны маштаб і ўсю нечалавечнасць сталінскага тэрору ў дачыненні да ні ў чым не вінаватых людзей. Сярод аўтараў як і тыя, хто самі сталі сталі ахвярамі рэпрэсій, так і цяперашнія нашчадкі рэпрэсіраванай эліты — у адлюстраваннях сваёй уласнай творчасці, перавыданнях твораў рэпрэсіраваных літаратараў.

Частка першая. ГУЛАГ вачыма пацярпелых

Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ»

Напэўна, ці не першы літаратурны твор, які апісвае жахі рэпрэсій — аповесць беларускага драматурга і пісьменніка Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ». Кніга ўбачыла свет яшчэ ў 1934 годзе ў Вільні, неўзабаве пасля выхаду Аляхновіча на волю пасля шасці гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. 


У аповесці змястоўна апісваецца поўная храналогія знаходжання Аляхновіча ў Савецкім Саюзе: чалавек, які наіўна верыў у развіццё беларускай культуры і мастацтва на хвалі беларусізацыі, прыязджае ў Беларусь і неўзабаве трапляе пад прыцэл ГПУ (былы НКУС). Яно ж робіць з наваспечанага грамадзяніна БССР «удзельніка контррэвалюцыйнай арганізацыі» і прысуджае 10 гадоў катаргі. Аляхновіч апісвае жудасныя, нечалавечыя ўмовы зняволення ў савецкім ГУЛАГу, якое нечакана для яго заканчваецца вызваленнем — абменам на іншага выбітнага беларускага грамадскага і культурнага дзеяча  Браніслава Тарашкевіча.

20211025_203859.jpg

Асаблівая цікавасць твора — магчымасць убачыць ад першай асобы самы пачатак сталінскіх рэпрэсій, калі ніхто нават і ўявіць сабе не мог, як хутка маштаб тэрору прыме ўсеагульны характар. У творы чытач зможа пазнаёміцца з мясцінамі ў тагачасным Менску, якія дагэтуль успрымаліся зусім па-іншаму. Напрыклад, Камароўскі лес, які ў пісьменніка апісаны як месца расстрэлаў зняволеных Менскай турмы НКУС. Зараз гэта Парк Чалюскінцаў.

 

Роберт Даўнінг «Доўгі шлях»

З моманту публікацыі «У капцюроў ГПУ» мінула некалькі дзесяцігоддзяў, чым перш узрасла патрэба ў з’яўленні не толькі навуковай, але і мастацкай літаратуры, прысвечанай тэме рэпрэсій у Беларусі. У гэты прамежкавы перыяд зацішша, на Захадзе з’яўляецца «Доўгі Шлях». Кніга напісаная англійскім журналістам Робертам Даўнінгам са слоў Славаміра Равіча — ураджэнца Пінска, які на пачатку Другой сусветнай вайны праходзіў вайсковую службу ў польскай арміі. Пасля акупацыі Польшчы Славамір вярнуўся дадому, дзе яго практычна адразу затрымаў НКУС. За «шпіянаж і варожую дзейнасць супраць Савецкага Саюза і яго народа» яму наканавана было адбываць «пакаранне» у адным з сібірскіх лагераў сістэмы ГУЛАГ. Праз кароткі час, разам з некалькімі аднадумцамі Равіч адважыўся на ўцёкі, што ім атрымалася зрабіць.

20211025_203940.jpg

Але ў тых, хто прачытаў гэты твор, узнікалі некаторыя пытанні з-за адчування пэўнай непраўдападобнасці ў асобных момантах, пачынаючы хаця б з самога факту ўцёкаў і магчымасцяў выжыць ва ўмовах холаду, тайгі і бязлюддзя. Пацверджанне гэтым сумневам знайшлося ў расследаванні BBC, дзе выяўляецца, што Славаміра на самой справе асудзілі за забойства афіцэра НКУС, а ў 1942-м амнісціравалі, каб ён разам з іншымі польскімі вайскоўцамі змог далучыцца да новаўтворанага на тэрыторыі СССР фармавання польскай арміі. Хутчэй за ўсё, Славамір Равіч, апынуўшыся пасля вайны ў Вялікай Брытаніі, наўпрост выдумаў гэтую гісторыю. Сярод «літаратуры рэпрэсій» такі фэйк —  выключная гісторыя.

 

 

Таіса Бондар «Ахвяры»

У часы перабудовы тэма сталінскіх рэпрэсій выклікала моцны грамадскі рэзананс, што дапамагло па-мастацку асэнсаваць падзеі беларускай мінуўшчыны. Праўда, першыя творы «рэпрэсіўнай» літаратуры пачалі публікавацца ўжо ў незалежнай Беларусі. Да іх можна аднесці раман «Ахвяры» Таісы Бондар, які выйшаў у 1994 годзе. На жаль, зараз вельмі складана знайсці асобнікі кнігі, нават рэцэнзіі, якія б дазволілі ў больш разгорнутай форме перадаць змест твора. З таго, што нам давялося адшукаць, асноўным зместам выступае «жыццё пасля Сталіна»: лёс людзей, чые продкі сталі ахвярамі культу асобы правадыра, атмасфера страху і адчужанасці, доўгія гады пануючая пасля смерці дыктатара.

Ларыса Геніюш «Споведзь»

«Споведзь» Ларысы Геніюш — аўтабіяграфічны аповед беларускай паэтэсы і пісьменніцы, дзяячкі беларускага Адраджэння ў эміграцыі. Пісьменніца паслядоўна раскрывае гісторыю свайго жыцця: родныя мясціны ў тагачаснай польскай Гарадзеншчыне, пачатак уласнай творчасці, замужжа, нараджэнне сына і эмігранцкае жыццё ў Празе. 

 

Чорная паласа для сям’і Геніюш пачынаецца з пачаткам Другой сусветнай вайны.  У Заходняй Беларусі пасля прыходу бальшавікоў пачынаюцца масавыя рэпрэсіі, ахвярамі якіх становяцца і родныя паэтэсы — бацьку неўзабаве расстраляюць, а маці з сёстрамі вышлюць у Сібір. Пасля вайны савецкія ўлады некалькі год дамагаюцца ад Чэхаславакіі выдаць ім сям’ю Геніяюшаў, якія вельмі шмат ведалі пра беларускі замежны палітычны рух. Гэта ім урэшце атрымліваецца зрабіць — Янку і Ларысе Геніюшам прысуджваюць 25 гадоў лагераў ГУЛАГ у Мардовіі. Іх часткова рэабілітуюць у 1956 годзе, але поўнага апраўдання яны не атрымалі ані пра савецкай, ані пры сучаснай беларускай уладзе.

20211025_205245.jpg

Нягледзячы на тое, што «Споведзь» лічыцца аўтабіяграфічным творам, у ім Геніюш надае шмат увагі людзям, якія ў розныя гады перасякаліся з паэткай, ці то беларусы ў эміграцыі, ці то сукамернікі ў «амерыканцы», ці то катаржанкі з мардоўскага ГУЛАГу. Таксама даволі падрабязна апісвае пісьменніца допыты ў турме НКУС, відавочнасць фальсіфікацый у матэрыялах крымінальнай справы, судовы працэс, у далейшым — пекла лагернага жыцця, катаржныя працы. Некаторыя рэчы могуць выглядаць занадта дэталізаванымі і лішнімі ў творы, але гэта кампенсуецца выразнай мовай апісання, дакладнасцю і рэалістычнасцю апісаных фактаў і падзей.

Частка другая. Рэпрэсіі ў творчасці нашчадкаў

Далейшыя публікацыі навуковай і мастацкай літаратуры пра сталінскія рэпрэсіі ідуць паралельна з узроўнем актуальнасці гэтай праблемы ў грамадстве, а таксама кардынальнай зменай стаўлення з боку ўладаў — так, пасля 1994 года Курапаты зноў становяцца месцам масавых расстрэлаў менавіта нацыстамі, па тэрыторыі ўрочышча пракладаюць МКАД, запавольваюцца працэсы рэабілітацыі, доступ да архіўных дадзеных застаецца вельмі абмежаваным. Спатрэбілася каля 20 гадоў, каб пра сталінскія часы ў Беларусі зноў пачалі здымаць фільмы, пісаць кнігі.

Адзначым, што пры напісанні сучасных кніг аўтары выкарыстоўваюць розныя крыніцы: напрыклад жыццяпісы многіх літаратараў 1920–1930-х гг. змешчаны ў біяграфічных даведніках накшталт «Беларускія пісьменнікі» або «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы» Леаніда Маракова. Таксама на дапамогу прыходзяць успаміны сучаснікаў, публікацыі ў міжваеннай перыёдыцы і, натуральна ж, архіўныя дакументы. 



 

Мікалай Гаўрылаў «Разарваць Цішыню»

Напэўна, адным з першых, хто парушыў гэты перыяд маўчання, стаў Мікалай Гаўрылаў з аповесцю «Разарваць Цішыню». Упершыню твор убачыў свет яшчэ ў 2011 годзе. У ім аўтар згадвае падзеі 1933 года, калі па ўладнай разнарадцы з Масквы ў самыя аддаленыя і неасвоеныя куточкі Сібіры патрэбна было саслаць на спецпасяленне тысячы людзей са ўсяго Савецкага Саюза, пры чым разнарадка прыйшла і на некалькі дзясяткаў чалавек з Менска. Загад патрэбна было ажыццявіць у найхутчэйшыя тэрміны, таму некаторых людзей збіралі ледзь не з вуліцы. 

 

Такім чынам, у Сібір адпраўляюць селяніна, што ўцёк ад Голадамору ва Украіне, святара са сваёй парафіяй, а таксама лекара з жонкай і сынам. Новым «месцам жыхарства» выяўляецца непрыдатны для жыцця бязлюдны востраў, аточаны дрыгвой, тайгой і ледаходамі, даступны для сувязі са знешнім светам толькі два месяца ў год. Перапраўляць людзей на востраў смерці вырашылі баржамі, разам з «дэкласаванымі элементамі» у падарожжа адпраўляюць і крымінальнікаў — тыповая для тых часоў з’ява. Далейшыя падзеі ў кнізе нагадваюць фільм жахаў, выйсце з якога знаходзяць кожныя па-рознаму, і толькі некалькі чалавек рашаюцца на ўцёкі з вострава, калі яшчэ ёсць шлях назад. Адзін з ацалелых і збярог гэтую гісторыю да нашых дзён.

20211025_205125.jpg

Ганна Севярынец «Гасцініца Бельгія»

Для ўсіх тых, хто цікавіцца сучаснай беларускай літаратурай, ці прынамсі ў курсе яе падзей, кніга Ганны Севярынец «Гасцініца Бельгія» двухгадовай даўніны стала сапраўднай навіной — пра яе шмат пісалі, шмат абмяркоўвалі, яна даволі хутка змяталася з кніжных паліц. «Гасцініца Бельгія» як быццам бы выйшла ў патрэбны час, калі нацыянальна арыентаваная супольнасць імкнулася знайсці гісторыю папярэднікаў, усталяваць з імі пэўную сувязь. Ва ўяўленні многіх людзей беларускія літаратары 20-30-х гадоў асацыююцца ў першую чаргу з іх трагічным лёсам. «Гасцініца», насамрэч, паказвае гэтых асоб зусім з іншага боку, як людзей творчых, дзейных, не падобных адзін да аднаго, і ў  першую чаргу — вольных, аб’яднаных думкамі пра Беларусь, марамі пра яе нацыянальнае станаўленне.

20211025_204018.jpg

Падзеі ў рамане разгортваюцца ў перыяд з 1925 па 1932 год — ад часу вялікіх спадзяванняў, якія гуртуюць літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», да таго моманту, калі культурныя  адраджэнцы паступова становяцца «антысавецкімі дзеячамі». Паралельна з гэтым раман паказвае жыццёвы лёс літаратараў праз іх блізкіх, якія таксама пакутаваюць разам са сваімі каханымі. Як адзначае сама аўтарка, у рамане прысутнічае зусім мінімальная мастацкая выдумка. Пры напісанні твору выкарыстоўвалася вялікая колькасць энцыклапедычных матэрыялаў, даведнікаў і ўспамінаў, якія дапамаглі ўзнавіць тагачасны Менск і людзей той эпохі.

 

Серыя «Святлацені»

 Асобныя творы рэпрэсіраваных атрымліваецца надрукаваць у больш познія савецкія часы, але іх біяграфічныя звесткі ў друк трапляюць абмежавана ці не згадваюцца ўвогуле. 

 

За сістэматызацыю творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў 20-40-х гг. XX стагоддзя ўзялося выдавецтва «Галіяфы». Пад іх эгідай беларускі паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль складае серыю «Святлацені», у якой прадстаўлены забытыя ці напаўзабытыя творы, некаторыя з іх нават былі ўзяты з рукапісаў. Таксама ў зборнікі ўключаны біяграфічныя звесткі творцаў, рэдкія фотаздымкі і дакументы. На дадзены момант героямі «Святлаценяў» сталі: паэт і перакладчык Сяргей Астрэйка, паэт, празаік і перакладчык Ярка Лявонны, крытык, празаік і рэдактар Алесь Гародня.

             

— Ці варта лічыць «Святлацені» серыяй, прысвечаная памяці рэпрэсіраваных мастакоў?

Віктар Жыбуль: Варта, але часткова. Калі мы са Змітром Вішнёвым (адзін з каардынатараў «Галіяфаў» — заўв. рэд.) задумвалі серыю, мы перад усім хацелі адкрыць чытачу міжваенны перыяд развіцця нашай літаратуры — вельмі багаты на эстэтычныя пошукі, мастацкія эксперыменты, але яшчэ не цалкам даследаваны. Асабліва нас цікавяць творы, якія альбо даўно не перавыдаваліся, альбо ўвогуле захаваліся толькі ў архіўных рукапісах. Сярод іх можна знайсці даволі нечаканыя рэчы, здольныя змяніць нашае ўяўленне пра тагачасную беларускую літаратуру. Аднак гістарычная рэальнасць такая, што каля 80 % (а можа, і болей) беларускіх літаратараў таго пакалення былі рэпрэсіраваны ў сталінскія часы. Таму атрымліваецца, што тэма рэпрэсій выразна гучыць са старонак кожнай з падрыхтаванай намі кніг. Вядома ж, гэта і даніна памяці бязвінна загінулым творцам.

20211029095545_00004.jpg
20211029095545_00003.jpg

— Якія цікавыя і нечаканыя для сябе рэчы Вы знаходзілі падчас стварэння серыі?

Віктар: Як навуковы супрацоўнік архіва-музея, цікавыя і нечаканыя рэчы я знаходжу даволі часта. А што датычыць серыі, то найбольш адкрыццяў для сябе я зрабіў падчас працы над кнігай «Змарагды кроз» расстралянага паэта Сяргея Астрэйкі. Дастаткова сказаць, што ўжо самім стымулам для выдання кнігі стала бадай сенсацыйная знаходка. На той час незнаёмая мне дзяўчына Аліна Алексенка падзялілася са мною тэкстам часткі Астрэйкавай паэмы «Бенгалія», якую знайшла ў асабістым архіве сваёй бабулі, перакладчыцы Галіны Гайлевіч. Паэма ў 1932 годзе атрымала высокую ацэнку сучаснікаў (у тым ліку Янкі Купалы), але праз арышт аўтара не была апублікаваная і доўгі час лічылася страчанай. А цяпер разам з іншай выдатнай паэмай, «Змарагды кроз», яна стала, можна сказаць, асновай кнігі Сяргея Астрэйкі — паэта, які пры жыцці не пабачыў ніводнага выдадзенага зборніка сваіх твораў.

20211029095545_00001.jpg
20211029095545_00002.jpg

Зборнік «НЕрасстраляныя»

На пачатку гэтага года выходзіць «НЕрасстраляныя» — кніга, у якой сабрана творчасць людзей, якіх, з трапных слоў аўтараў праекта, «перапынілі на паўслове»: 18 гісторый расстраляных беларускіх літаратараў, іх творы, унікальныя фотаздымкі, дакументы, частка з якіх публікуюцца ўпершыню. Увогуле, калі стала вядома пра публікацыю «НЕрасстраляных», першая думка была, што кніга павінна быць пра загінулых літаратараў у «Ноч паэтаў», але ў зборнік даданы і іншыя мастацкія дзеячы, творчасць якіх была маладаступная для шырокай грамадскасці, альбо іх творчы і жыццёвы шлях разглядаўся па-за тэмай рэпрэсій. Напрыклад, Уладзіслава ГалубкаВацлава Ластоўскага, паэта і празаіка Васіля Шашалевіча.

__Nerasstralyanyya.jpeg

Праект створаны па ініцыятыве журналіста, музычнага крытыка, кіраўніка праекта TuzinFm.by Сяргея Будкіна. Яшчэ ў 2017 годзе пад эгідай TuzinFm.by беларускія музыкі запісваюць 17 песень на словы рэпрэсіраваных беларускіх паэтаў, якія склаліся ў паўнавартасны альбом. Практычна ў той жа час, праект арганізоўвае курс лекцый «НЕрасстраляная паэзія», якія праходзяць у Менску і іншых рэгіёнах Беларусі. Пазней на іх базе «Лятучы ўніверсітэт» створыць адукацыйны курс.

 

Кніга стваралася тры гады. У прадмове да яе аўтары пераконваюць: на гэтай кнізе праект «НЕрасстраляныя» не збіраецца спыняць сваю працу.

Screenshot_20211022-125643_Drive.jpg
Screenshot_20211022-122749_Drive.jpg
Screenshot_20211022-123655_Drive.jpg
Screenshot_20211022-122443_Drive.jpg

У нас была мэта распавесці пра тыя творы, якія, з аднаго боку, будуць найбольш падобнымі да мастацкай літаратуры, з другога — аўтары гэтых кніг альбо самі сталі ахвярамі рэпрэсій, якім пашанцавала іх перажыць, альбо дзе яны з дапамогай архіўных матэрыялаў і даследчыкаў апісалі карціну тых часоў. Мы не будзем разважаць, чаму варта чытаць такія кнігі, як і ўвогуле цікавіцца падобнымі тэмамі, бо лічым, што і вы так разумееце — гісторыя паўтараецца, таму для будучыні вельмі важна засвойваць урокі мінулага. А згадаць усе кнігі пра «рэпрэсаваную літаратуру», пэўна, немагчыма.